ВУГЛІ́ ВЫКАПНЁВЫЯ,
цвёрдыя гаручыя карысныя выкапні асадкавага паходжання, прадукт пераўтварэння вышэйшых і ніжэйшых раслін. Маюць да 50% мінер. прымесей і вільгаць. Паводле ступені вуглефікацыі падзяляюцца на буры вугаль, каменны вугаль і антрацыт, у залежнасці ад зыходнага матэрыялу — на гумаліты, сапрагумаліты, гумасапрапеліты, сапрапеліты. Залягаюць звычайна ў выглядзе пластападобных пакладаў сярод асадкавых парод усіх узростаў, пачынаючы з дэвону. Складаюць 87,5% прагнозных рэсурсаў выкапнёвага паліва Зямлі; у сусв. паліўна-энергет. балансе займаюць каля 25%. Разведаныя сусв. запасы (3705 млрд. т) сканцэнтраваны пераважна ў Расіі, ЗША, КНР, Аўстраліі. Нязначныя радовішчы выяўлены ў Беларусі. Сыравіна для металург. і хім. прам-сці. Гл. таксама Вугальная прамысловасць.
т. 4, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)